А́НГЛА-САВЕ́ЦКА-ІРА́НСКІ ДАГАВО́Р 1942 аб саюзе. Падпісаны 29 студз. ў Тэгеране. Яго падпісанню папярэднічаў часовы ўвод сав. і англ. войскаў у Іран у жн.—вер. 1941 з мэтай перашкодзіць фаш. Германіі выкарыстаць тэрыторыю і рэсурсы Ірана ў вайне супраць СССР і Англіі. Дагавор забяспечваў супрацоўніцтва Ірана з антыгітлераўскай кааліцыяй у 2-й сусв. вайне. СССР і Англія абавязваліся абараняць Іран ад агрэсіі з боку Германіі або інш. дзяржавы, не займаць пазіцыі, якая магла б пашкодзіць інтарэсам Ірана ва ўзаемаадносінах з інш. краінамі. Іран у сваю чаргу абавязваўся не ўсталёўваць адносін, несумяшчальных з дагаворам. Пасля заканчэння 2-й сусв. вайны войскі саюзнікаў выведзены з Ірана.
т. 1, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)